ПАЛАВЫ́ АДБО́Р,

прыватная форма натуральнага адбору, якая выклікае значныя разыходжанні ў прыкметах самцоў і самак (палавы дымарфізм). Прапанаваў паняцце і выявіў значэнне П.а. ў эвалюцыі жывёл Ч.Дарвін (1859, 1871).

Прыкметы П.а. развіваюцца пад уплывам натуральнага адбору як сродак распазнавання разнаполых асобін свайго віду і прадухілення скрыжоўвання з асобінамі інш. віду. У выніку П.а. або пры яго ўдзеле ў многіх відаў жывёл (у т.л. ў чалавека) у працэсе эвалюцыі ўзніклі і развіліся другасныя палавыя прыкметы. Найб выяўлены ў палігамных жывёл, у якіх самцы актыўна змагаюцца за самку (напр., баі аленяў у час гону). П.а. уплывае на развіццё органаў абароны ў самцоў як зброі барацьбы за самку (іклы ў сланоў, рогі ў аленяў і інш.) і прыкмет, якія прывабліваюць і ўзбуджаюць асобін інш. полу (яркі колер і пах самцоў у многіх жывёл, такаванне, спеў у птушак). П а. як фактар філагенет. развіцця найб. характэрны для жывёл на вышэйшых этапах развіцця, пераважна птушак і млекакормячых, у сувязі з найб. складанай арганізацыяй нерв. сістэмы і яе сігнальнай дзейнасці, але адзначаецца і ў інш. групах жывёл (напр., многія насякомыя і інш. беспазваночныя). У раслін адсутнічае.

А.М.Петрыкаў.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)